„Канструкты моўнага будаўніцтва”: у Вільні адбудзецца міжнародная канферэнцыя да 100-годдзя Акадэмічнай канферэнцыі 1926 года
24–25 верасня 2026 года ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве (Вільня) адбудзецца міжнародная навуковая канферэнцыя „Канструкты моўнага будаўніцтва: да стагоддзя Акадэмічнай канферэнцыі 1926 года”, арганізаваная Беларускім інстытутам у Празе сумесна з міжнароднымі партнёрамі. Канферэнцыя прымеркавана да стагоддзя знакавай падзеі ў гісторыі беларускага мовазнаўства — Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая адбылася ў Мінску ў 1926 годзе.
Форум стане міжнароднай пляцоўкай для гісторыкаў, мовазнаўцаў, літаратуразнаўцаў, даследчыкаў адукацыі, культурнай спадчыны і нацыянальнай палітыкі. У цэнтры ўвагі будуць працэсы фарміравання нацыянальных моў у постімперскіх дзяржавах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, моўная палітыка, развіццё гуманітарных навук, нацыянальнае будаўніцтва, а таксама роля акадэмічнай супольнасці ў захаванні і развіцці культурнай спадчыны.
Асобнае месца ў праграме займае асэнсаванне спадчыны Акадэмічнай канферэнцыі 1926 года — яе навуковага, культурнага і палітычнага значэння. Плануецца абмеркаваць гісторыю беларусізацыі, развіццё беларускай мовы і беларусістыкі ў ХХ–ХХІ стагоддзях, праблемы моўнай экалогіі, замежнай беларусістыкі, сучасныя падыходы да выкладання беларускай мовы, а таксама нацыянальную моўную палітыку ў параўнальнай еўрапейскай перспектыве.
У праграме канферэнцыі — пленарныя даклады і тэматычныя панэлі з удзелам даследчыкаў з Літвы, Польшчы, Чэхіі, Германіі, Аўстрыі, Латвіі, Эстоніі і іншых краін. Сярод удзельнікаў — вядомыя спецыялісты ў галіне гісторыі, мовазнаўства, літаратуразнаўства, беларусістыкі, славістыкі, гісторыі адукацыі і культурнай спадчыны.
Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Беларускі інстытут у Празе, Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў, Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, Інстытут беларускай мовы, а таксама шэраг міжнародных партнёраў. Канферэнцыя праводзіцца пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза, Scholars for Belarus, Akademisches Netzwerk Osteuropa (akno e.V.) і Фонду Конрада Адэнаўэра.
Мы запрашаем даследчыкаў, выкладчыкаў, аспірантаў і ўсіх, хто займаецца праблемамі гісторыі мовы, нацыянальнай палітыкі, славістыкі, беларусістыкі і гуманітарных навук, далучыцца да дыскусіі. Канферэнцыя стане важнай магчымасцю абмеркаваць агульныя еўрапейскія працэсы моўнага і нацыянальнага развіцця, а таксама месца беларускай гуманітарыстыкі ў сучаснай міжнароднай навуковай прасторы.
Месца правядзення: Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў, Вільня