Мерапрыемствы

Адкрытая прэзентацыя „Парушаная цішыня пяці стагоддзяў: новазнойдзеныя фрагменты Бібліі Францыска Скарыны”

24 сакавіка 2026 года ў Лужыцкім семінары ў Празе адбудзецца адкрытая прэзентацыя „Парушаная цішыня пяці стагоддзяў: новазнойдзеныя фрагменты Бібліі Францыска Скарыны”, прысвечаная адной з найбольш значных знаходак апошніх гадоў у даследаванні спадчыны беларускага першадрукара.

Падчас мерапрыемства ўпершыню будуць прадстаўлены шырокай публіцы арыгінальныя фрагменты „Кнігі Суддзяў”, надрукаванай Францыскам Скарынам у Празе ў 1519 годзе. На працягу амаль пяці стагоддзяў гэтыя аркушы заставаліся схаванымі ў пераплёце старой кнігі, а сёння сталі даступнымі для даследчыкаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй кнігі і беларускай культуры.

З асноўнай лекцыяй выступіць Аляксандр Паршанкоў, дактарант Карлавага ўніверсітэта, які распавядзе пра гісторыю адкрыцця, навуковае значэнне знаходкі і яе месца ў вывучэнні пражскага перыяду дзейнасці Францыска Скарыны.

У дыскусіі таксама прымуць удзел:

  • дацэнт Томаш Хоскавец, старшыня Пражскага лінгвістычнага гуртка;
  • дацэнт Ілля Лямешкін, супрацоўнік Інстытута літоўскай мовы.

Выступоўцы закрануць пытанні гісторыі славянскага кнігадрукавання, распаўсюджання біблейскіх перакладаў, а таксама значэння Скарынавай Бібліі для беларускай і еўрапейскай культурнай спадчыны.

Францыск Скарына — нацыянальны герой Беларусі, пачынальнік кнігадрукавання ў Вялікім Княстве Літоўскім, адзін з першых выдаўцоў Прагі XVI стагоддзя і асоба, якая пакінула прыкметны след у гісторыі чэшска-беларускіх культурных сувязяў.

Дата: 24 сакавіка 2026 года

Месца: Lužický seminář, Прага

Арганізатары: Беларускі інстытут у Празе, Společnost přátel Lužice / Towarstwo přećelow Serbow (SPL / TPS) і Аляксандр Паршанкоў.

Запрашаем усіх, хто цікавіцца гісторыяй кнігі, беларускай культурай, славістыкай і еўрапейскай інтэлектуальнай спадчынай.