Мерапрыемствы

Адкрытая лекцыя „Францыск Скарына і яго Рутэнская Біблія: паміж перакладам і культурным праектам”

27 красавіка 2026 года Беларускі інстытут у Празе запрашае на адкрытую лекцыю даследчыка Аляксандра Паршанкова, прысвечаную асобы Францыска Скарыны і гісторыі стварэння яго знакамітай Рутэнскай Бібліі.

6 жніўня 1517 года ў Празе сын полацкага купца, доктар медыцыны і свабодных мастацтваў Францыск Скарынавыдаў кірылічны „Псалтыр”, паклаўшы пачатак кнігадрукаванню ў Вялікім Княстве Літоўскім і беларускай друкаванай традыцыі. Скарына планаваў выдаць поўны тэкст Бібліі, аднак пасля публікацыі Кнігі Суддзяў у снежні 1519 года пакінуў Прагу, так і не завяршыўшы свой грандыёзны выдавецкі праект.

Падчас лекцыі будуць разгледжаны ключавыя пытанні, звязаныя са Скарынавай Бібліяй:

  • ці была яна перакладам ці творчай адаптацыяй біблейскага тэксту;
  • якія крыніцы выкарыстоўваў Скарына;
  • для каго прызначалася гэтае выданне;
  • чаму менавіта Прага стала месцам рэалізацыі праекта;
  • якое значэнне Скарынава Біблія мае для беларускай і славянскай культурнай спадчыны.

Асобная ўвага будзе нададзена гістарычнаму кантэксту пачатку XVI стагоддзя, выдавецкай дзейнасці Францыска Скарыны, яго перакладчыцкай методыцы і месцу яго праекта ў гісторыі еўрапейскага кнігадрукавання.

Дата: 27 красавіка 2026 года

Час: 18:00

Месца: аўдыторыя 104, náměstí Jana Palacha 1/2, Прага

Таксама будзе магчымасць далучыцца анлайн праз Microsoft Teams.
2026-04-27 18:00