Навіны

Завяршыўся міжнародны воркшоп „У пошуках Віцебскай Латгаліі: пераасэнсаванне памежжа з транснацыянальнай перспектывы”

29 мая 2026 года ў Рызе адбыўся міжнародны навуковы воркшоп „У пошуках Віцебскай Латгаліі: пераасэнсаванне памежжа з транснацыянальнай перспектывы”, прысвечаны вывучэнню гісторыі ўсходняй Лівоніі і беларуска-латвійскага памежжа ў транснацыянальным кантэксце.

На працягу дня даследчыкі з Латвіі, Літвы, Польшчы, Беларусі і іншых краін абмяркоўвалі праблемы фарміравання рэгіянальнай ідэнтычнасці, развіцця дзяржаўных інстытутаў, міжканфесійных адносін, дзейнасці палітычных эліт, а таксама сучасны стан даследаванняў Латгаліі і памежных тэрыторый Вялікага Княства Літоўскага. Воркшоп стаў пляцоўкай для міждысцыплінарнага дыялогу, які аб'яднаў гісторыкаў, архівістаў і даследчыкаў памежжа.

Важным вынікам сустрэчы стала дамоўленасць аб падрыхтоўцы калектыўнага навуковага выдання. На аснове прадстаўленых дакладаў будуць падрыхтаваны і апублікаваны артыкулы ўдзельнікаў воркшопу. Зборнік выйдзе адразу ў дзвюх моўных версіях — на беларускай і латышскай мовах, што дазволіць зрабіць вынікі даследаванняў больш даступнымі для навуковых супольнасцей абедзвюх краін і будзе спрыяць далейшаму развіццю беларуска-латвійскага акадэмічнага супрацоўніцтва.

Беларускі інстытут у Празе дзякуе ўсім дакладчыкам, мадэратарам, партнёрам і ўдзельнікам за плённую працу, адкрытасць да навуковай дыскусіі і гатоўнасць сумесна развіваць даследаванні гісторыі Віцебскай Латгаліі. Мы спадзяёмся, што падрыхтаваны зборнік стане важным унёскам у вывучэнне гісторыі беларуска-латвійскага памежжа і будзе карысным як для даследчыкаў, так і для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй рэгіёна.

Воркшоп быў арганізаваны Беларускім інстытутам у Празе ў супрацоўніцтве з Інстытутам філасофіі і сацыялогіі Латвійскага ўніверсітэта, Даўгаўпілскім універсітэтам, сеткай Akademisches Netzwerk Osteuropa (akno e. V.) і ініцыятывай Scholars for Belarus пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Гэты матэрыял падрыхтаваны пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Яго змест з’яўляецца выключнай адказнасцю Беларускага інстытута ў Празе і не абавязкова адлюстроўвае пазіцыю Еўрапейскага саюза або партнёраў праекта.