Выйшла кніга Fontes Historiae Collegii Polocensis Societatis Iesu 1579–1611
У красавіку 2026 года ў Варшаўскім навуковым выдавецтве Campidoglio выйшла кніга Fontes Historiae Collegii Polocensis Societatis Iesu 1579–1611 = Крыніцы па гісторыі Полацкага калегіума Таварыства Езуса 1579–1611.
Выданне было падрыхтавана ў рамках праекта Fontes historiae Lithuanicae Societatis Iesu, NDICI-GEO-NEAR/2022/434-092-005.
Гэта першае ў беларускай гістарыяграфіі комплекснае выданне крыніц, створаных у езуіцкім асяродку Полацка напрыканцы XVI — пачатку XVII ст. У кнізе аб'яднаны як вядомыя, так і раней неапублікаваныя лацінскія дакументы, якія сёння захоўваюцца ў архівах розных краін Еўропы.
У том увайшлі:
litterae annuae (гадавыя справаздачы);
гісторыі заснавання Полацкага калегіума;
кароткія каталогі;
навуковыя каментарыі і археаграфічныя апісанні;
беларускія пераклады лацінскіх тэкстаў.
Публікацыя адкрывае даследчыкам і шырэйшаму колу чытачоў доступ да ўнікальнага комплексу крыніц, якія дазваляюць глыбей зразумець гісторыю Полацка, развіццё адукацыі, канфесійныя ўзаемаадносіны і культурныя працэсы на землях Вялікага Княства Літоўскага ў канцы XVI — пачатку XVII ст.