Навіны

Беларускі інстытут у Празе на міжнародным форуме „Beyond Displacement: The Future of Universities and Researchers in Exile”

9–10 чэрвеня 2026 года ў Цэнтральнаеўрапейскім універсітэце (CEU) ў Вене адбыўся міжнародны форум „Beyond Displacement: The Future of Universities and Researchers in Exile” — мерапрыемства па развіцці прафесійнай супольнасці і акадэмічных сувязяў беларускіх даследчыкаў у выгнанні, арганізаванае ў межах праграмы EU4Belarus: Support to Advanced Learning and Training (SALT II).

Форум сабраў прадстаўнікоў беларускіх даследчых і адукацыйных інстытуцый, еўрапейскіх універсітэтаў і міжнародных арганізацый для абмеркавання будучыні беларускай навукі ва ўмовах вымушанай эміграцыі, падтрымкі акадэмічнай свабоды, развіцця міжнароднага супрацоўніцтва і захавання навуковага патэнцыялу.

Беларускі інстытут у Празе на форуме прадстаўляла Ніна Скеп'ян, якая выступіла з дакладам „The Jesuits in Polotsk in the Late 16th and Early 17th Centuries”. Даклад быў прысвечаны вынікам праекта па падрыхтоўцы першага комплекснага выдання крыніц па гісторыі Полацкага езуіцкага калегіума (1579–1611). У выступленні былі прадстаўлены асноўныя навуковыя вынікі праекта, а таксама значэнне выдання для вывучэння гісторыі Беларусі, гісторыі адукацыі, канфесійных працэсаў і інтэграцыі беларускай гуманітарнай навукі ў міжнародную даследчую прастору.

У заключны дзень форуму Ніна Скеп'ян таксама прыняла ўдзел у выніковай круглай дыскусіі „Building Knowledge, Skills and Civic Engagement Across Borders”, дзе разам з іншымі беларускімі даследчыкамі абмеркавала вопыт працы за мяжоў, новыя магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва, а таксама шляхі развіцця беларускай навукі ў еўрапейскай акадэмічнай прасторы.

Удзел Беларускага інстытута ў Празе ў гэтым міжнародным форуме стаў яшчэ адной магчымасцю прадставіць вынікі сваіх даследаванняў міжнароднай акадэмічнай супольнасці, пашырыць прафесійныя кантакты і ўмацаваць супрацоўніцтва з еўрапейскімі навуковымі ўстановамі.